Читать онлайн
Жонка на гадзiну

Нет отзывов
Андрэй Сідарэйка
Жонка на гадзiну
Гісторыйкі з розных сфер на вясёлы манер

© Сідарэйка А. П., 2019

© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2019

Андрэй Сідарэйка

З гумарам аўтар пасябраваў даўно. Першую гумарэску напісаў падчас вучобы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З ёю дэбютаваў у рэспубліканскім часопісе сатыры і гумару «Вожык» яшчэ ў 2009 годзе.

З таго часу ў творчым багажы пісьменніка з’явілася шмат вясёлых твораў. Іх жанравая палітра разнастайная. Гэта гумарэскі, іранескі, былі, фельетоны, міні-п’есы.

З чаго ў гумарыстычных творах смяецца аўтар? З чалавечых хібаў і заганаў, лайдакоў. Адлюстроўвае адвечныя ўзаемаадносіны мужчын і жанчын, выкрывае негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, распавядае цікавыя студэнцкія і навагоднія гісторыі.

Калі казаць пра сур’ёзнае, то Андрэй Сідарэйка выступае і з апавяданнямі ў рэспубліканскіх выданнях краіны. Двойчы станавіўся лаўрэатам конкурсу апавяданняў Выдавецкага дома «Звязда».

Аўтар зычыць усім быць вясёлымі і шчаслівымі!

Гісторыйкі

Сідарава каза
Вясковыя гісторыйкі

Была ў мяне карова

Чалавек я вясковы. Люблю жыўнасць, прыроду. І карова ў мяне была. Зойкай звалі. Думаеце, мужчыны кароў не трымаюць? Трымаюць. Але калі ўжо распавядаць, то ўсё па парадку.

Прыходжу я на кірмаш. Бачу, чалавек карову прадае. Я – да яго.

– Колькі малака дае? – пытаюся.

А ён – мне:

– Ды тры разы па вядры.

Прызнацца, я, дурань, не ўдакладніў, менавіта чаго дае: малака, кефіра, смятаны альбо чаго іншага. Толькі падумаў: «Ого! Ну, два вядры, гэта я разумею. Гэта ва ўсіх так. Але каб тры!»

– А якое ж вядро? – распытваю ў чалавека далей.

– Ды вось пятнаццацілітровае заўсёды з сабою браў, дык амаль па поўным і давала, – адказвае ён.

– А ці не падманваеце?

– Навошта мне маніць? Купіце – і паглядзіце самі.